— Какая ситуация или событие побудили вас в повседневной жизни общаться на белорусском?
Н.Ц. — Дакладны момант, калі вырашыла, што жадаю размаўляць у штодзённым жыцці па-беларуску, я не памятаю. Падаецца, гэта было ў 11 класе. Але дакладна разумею, што паўплывала на з’яўленне такога жадання. Па-першае, у гэты час я перыядычна трапляла на розныя беларускамоўныя суполкі ў ВК. Гэта былі суполкі музычных гуртоў, культурных аб’яднанняў (накшталт «Будзьма»), суполкі з цікавымі фактамі па гісторыі і культуры. Мне неверагодна падабалася, што ў гэтых беларускамоўных супольнасцях кіпіць жыццё. То-бок складвалася ўражанне, што беларускамоўнае асяроддзе — гэта вельмі «дзьвіжовае» асяроддзе, у якое я вельмі жадала трапіць.
Па-другое, значна на мой выбар паўплывалі ўрокі беларускай літаратуры. 10−11 класы — гэта самыя клёвыя творы ў праграме: ад класічных твораў да сучасных спроб празаікаў і паэтаў. Я апантана чытала Караткевіча і Быкава, далей атрымалася трапіць на сустрэчу з з Разанавым, а яшчэ ў той год памёр Барадулін — я равела паўвечара. Падвынікую: літаратура — гэта асобны, вельмі значны бок, які і зараз вельмі ўплывае на мяне як на беларускамоўную дзяўчыну.
І нарэшце, па-трэцяе, мне пашчасціла мець каля сябе некалькі класных настаўнікаў - настаўніца беларускай мовы і літаратуры і педагог дадатковай адукацыі, якая праводзіла гурток па вязанні (але па адукацыі яна гісторык). Гэтыя жанчыны апасродкава, самі таго не ведаючы, дапамагалі фарміраваць маё стаўленне да белмовы. Як? Праз цікавыя гісторыі пра мову і літаратуру, праз сваё асабістае захапленне дзеячамі культуры і мастацтва.
Але на штодзённую беларускую мову я перайшла толькі ва ўніверсітэце. Я пайшла на курсы «Мова нанова» і пачала спрабаваць размаўляць са сваімі аднагрупнікамі і выкладчыкамі.
Ю.А. — У сям'і ўсе валодаюць беларускай мовай. У мяне заўсёды быў прыклад: дзядуля і цётка размаўлялі на ёй штодзень, тата — пісаў на ёй як журналіст. Я з дзяцінства хацела размаўляць па-беларуску і нават паспрабавала гэта зрабіць у 5 гадоў. Але нешта пайшло не так.
Другая спроба адбылася на 1-ым курсе ва ўніверсітэце і была паспяховай. На другім тыдні навучання аднагрупніца спытала, у якой школе я вучылася: беларускамоўнай ці рускамоўнай. «Беларускамоўнай». А яна: «Чаму тады па-руску размаўляеш?». І ў мяне як шчаўчок галаве прагучаў: «А я магу!». І вось, ужо 5 гадоў прайшло, як размаўляю цалкам на роднай мове.
Ю.К. — Калі я вучылася ва ўніверсітэце, пачала актыўна вандраваць і ўбачыла людзей, якія маюць свае мовы і актыўна імі карыстаюцца. Яшчэ ў старэйшай школе з урокаў гісторыі я вынесла глыбіню і важнасць беларускай мовы ў нашай культуры, яна звязвае нас з продкамі, мова гэта тое, што было на гэтай зямлі шмат стагоддзяў і дзякуючы ёй беларусаў немагчыма было зблытаць з іншымі народамі. Потым у Беларусі я пазнаёмілася з чалавекам, які стала размаўляў па-беларуску і ў мяне гэта выклікала захапленне, павагу, і мне захацелася таксама размаўляць па-беларуску.
Спачатку, праз сацсеткі я знайшла аднадумцаў, хто адчуваў неабходнасць навучыцца добра размаўляць. Мы пачалі сустракацца і проста стасавацца на розныя тэмы, выбіралі іх загадзя, рыхтавалі цікавыя даклады, абмяркоўвалі навіны, гулялі ў гульні. Так я знайшла новых сяброў, з якімі мы пачалі ездзіць па фестывалях, спасцігаць беларускую культуру і праводзіць час у размовах на роднай мове.
Ужо больш за 10 гадоў я і беларуская мова разам:) Спачатку я размаўляла сярод аднадумцаў, потым стварылі сям’ю з такім жа аматарам паразмаўляць на роднай мове. Вось ужо 5 гадоў я карыстаюся беларускай мовай паўсюль: у крамах, паліклініках, з сябрамі, на працы. І калі напачатку, я сутыкалася з хамствам у мой бок за выкарыстанне беларускай, зараз гэта суцэльны пазітыў. Думкі здацца ў мяне даклална не ўзнікала, бо прыстойны беларус ніколі не абразіць за мову, а ісці на ланцугу ў хамаў няма падставаў. Сёння я лічу ўмовы для пераходу на беларускую проста ідэальныя. Людзі падтрымліваюць паўсюль, дзякуюць за мову, усміхаюцца, імкнуцца падтрымаць размову па-беларуску.