Праграма ўступных іспытаў па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура», 2021 год

для асоб, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю,
для атрымання вышэйшай адукацыі І ступені

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Праграма ўступных іспытаў па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура» прызначана для асоб, якія паступаюць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і (або) вышэйшай адукацыі.

Праграма структуравана ў адпаведнасці з асноўнымі змястоўнымі лініямі літаратурнай адукацыі.

Праграма ўключае пералік твораў вуснай народнай творчасці і мастацкай літаратуры, звесткі пра асноўныя перыяды беларускага і сусветнага мастацкага працэсу, звесткі пра жыццё і творчасць вядомых майстроў слова, асноўныя тэарэтыка-літаратурныя паняцці.

Літаратурныя творы адабраны з улікам іх мастацкай і агульначалавечай значнасці, выхаваўчай каштоўнасці, месца ў творчасці пісьменніка і ў гісторыі літаратуры, актуальнасці для нашага часу. Пры гэтым улічваліся гуманістычны сэнс твораў, дыялектычная сувязь сацыяльнага, канкрэтна-гістарычнага і агульначалавечага ў іх, мастацкая своеасаблівасць, аўтарская пазіцыя.

ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ АБІТУРЫЕНТАЎ

На ўступных іспытах абітурыент павінен ведаць:

  • асноўныя этапы і заканамернасці развіцця беларускай літаратуры (ад старажытных часоў да сучаснасці);
  • сутнасць і характэрныя асаблівасці асноўных мастацкіх сістэм (барока, класіцызм, асветніцтва, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм), родаў і жанраў літаратуры;
  • найбольш важныя звесткі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў, творчасць якіх вывучаецца манаграфічна;
  • змест, праблематыку, сістэму вобразаў, сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці твораў, якія ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вывучаліся тэкстуальна, іх канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае значэнне;
  • неабходны мінімум звестак па тэорыі літаратуры, патрэбных для аналізу і ацэнкі мастацкіх твораў (змест і форма; сюжэт, кампазіцыя; тэматыка, праблематыка, пафас твора); адметнасці паэзіі і прозы як асноўных відаў (тыпаў) літаратурнай творчасці; сродкі мастацкай выразнасці; асноўныя паняцці вершаскладання (рытм, рыфма, страфа, вершаваны памер).

 

Абітурыент павінен умець:

  • даваць ідэйна-эстэтычную ацэнку прачытаным творам і абгрунтоўваць яе;
  • выяўляць характэрныя родавыя і жанравыя, стылёвыя асаблівасці вывучаных твораў;
  • аналізаваць сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці вывучаных твораў, характарызаваць герояў эпічных і драматычных твораў, а таксама вызначаць важнейшыя адметнасці лірычных герояў тых твораў, якія вывучаліся тэкстуальна;
  • выяўляць асноўныя адметнасці стылю (творчай індывідуальнасці) пісьменніка;
  • перадаваць блізка да тэксту або цытаваць урыўкі з твораў, якія прапанаваны вучэбнай праграмай для завучвання на памяць.

Адказ павінен быць прадуманым, звязным, паслядоўным. Маўленне абітурыента на ўступных іспытах па беларускай літаратуры павінна вызначацца дакладнасцю, правільнасцю, аргументаванасцю, выразнасцю, лексічным багаццем. Улічваючы спецыфіку беларускай літаратуры як вучэбнага прадмета, выказванне можа мець рысы мэтазгоднай эмацыянальнасці, вобразнасці, а таксама індывідуальна-творчыя элементы.

ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА МАТЭРЫЯЛУ

Фальклор і літаратура
Спецыфіка фальклору як мастацтва слова. Асноўныя фальклорныя жанры (казкі, легенды, паданні, песні і інш.). Беларуская народная творчасць як крыніца станаўлення і ўзбагачэння літаратуры.

Літаратура эпохі Сярэднявечча
Агульная характарыстыка літаратуры Сярэднявечча. Пачатковы перыяд развіцця славянскай пісьменнасці (ХІ–ХІІ стст.); тэматычная і жанравая разнастайнасць перакладной і арыгінальнай літаратуры. Жыццё і дзейнасць беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай (паводле «Жыція Ефрасінні Полацкай»). Кірыл Тураўскі – прамоўца і пісьменнік. Беларускія летапісы як вытокі мастацкай прозы («Летапіс вялікіх князёў літоўскіх», «Беларуска-літоўскі летапіс 1430–1446 гг.» – урывак «Пахвала Вітаўту»).

Літаратура эпохі Адраджэння
Агульная характарыстыка літаратуры эпохі Адраджэння (ХІV–XVI стст.).
Францыск Скарына – першадрукар і асветнік, яго жыццё і творчая дзейнасць. Імкненне Францыска Скарыны наблізіць кнігу да народа (прадмовы, старабеларуская мова, тлумачэнні). Агульначалавечы змест прадмоў да кніг «Юдзіф», «Іоў». Агульнаславянскае і еўрапейскае значэнне дзейнасці Францыска Скарыны.
Сымон Будны і Васіль Цяпінскі як прадаўжальнікі традыцый Францыска Скарыны. Дэмакратычная і патрыятычная скіраванасць іх творчасці. Васіль Цяпінскі пра навучанне на беларускай мове. Развіццё кнігадрукавання ў Беларусі і яго роля ў культурным прагрэсе.
Мікола Гусоўскі. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць паэта. «Песня пра зубра» як выдатны твор беларускай літаратуры эпохі Адраджэння. Жанр, сюжэт і кампазіцыя паэмы. Сістэма вобразаў у творы. Сімвалічнае значэнне вобраза зубра. Увасабленне рэнесансавых ідэй у вобразе Вітаўта. Беларуская прырода ў адлюстраванні паэта. Тэма вайны і міру. Мікола Гусоўскі як паэт-гуманіст. Пераклады паэмы на сучасную беларускую мову.

Барока. Класіцызм. Асветніцтва
Праявы барока ў беларускай літаратуры і мастацтве. Неадпаведныя ўмовы для развіцця класіцызму і іншых мастацкіх напрамкаў у беларускай літаратуры. Асветніцкі рэалізм. Свецкая сатырычная літаратура («Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча»). Вершаскладанне на беларускай мове. Андрэй Рымша, Сімяон Полацкі, ананімныя творы. Станаўленне беларускага тэатра (батлейка, школьныя драмы і інтэрмедыі).

Ад старажытнай да новай беларускай літаратуры
Беларуская літаратура ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя. Пераважна ананімны характар бытавання твораў. Узнікненне камічных, бурлескных твораў (паэма «Энеіда навыварат»). Станаўленне новай беларускай літаратуры і яго асноўныя фактары (цікавасць да фальклору, народнага побыту, гістарычнага мінулага і традыцый).

Рамантызм як вядучы літаратурны напрамак
Рамантызм у еўрапейскім і беларускім мастацтве слова канца ХVIII – першай паловы ХІХ ст. як вядучы літаратурны напрамак.
Адам Міцкевіч і Беларусь. Паэма «Гражына». Паэтычнае асэнсаванне народнай легенды, гісторыі беларускага народа. Рамантызацыя вобраза Гражыны. Вобразы Рымвіда і Літавура. Здрада ідэалу і духоўны крах асобы. Выяўленне ў творы рамантычнага светаўспрымання. Ідэя вернасці ў творы.
Ян Баршчэўскі. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (2 апавяданні на выбар абітурыента). Цесная сувязь апавяданняў з беларускай міфалогіяй і фальклорам. Роля вобраза Завальні ў творы. Увага да ўнутранага свету герояў. Павучальнасць зместу апавяданняў. Рамантычныя сюжэты і вобразнасць. Сімволіка вобразаў.

Па шляху сінтэзу: сентыменталізм, рамантызм, рэалізм
Канстанцін Вераніцын. Сатырычны і гуманістычны пафас паэмы «Тарас на Парнасе». Сцвярджэнне ідэй народнасці ў літаратуры. Роля міфалагічных персанажаў у раскрыцці тэмы і ідэі твора. Тарас як тыповы народны герой, рысы яго характару. Майстэрства аўтара ў абмалёўцы персанажаў. Гісторыка-літаратурнае значэнне паэмы.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Жанравае вызначэнне твора «Пінская шляхта». Выкрыццё царскага чыноўніцтва. Вобраз Кручкова, яго тыповасць. Духоўная абмежаванасць засцянковай шляхты. Майстэрства драматурга ў разгортванні інтрыгі, сюжэта, у стварэнні камічнага эфекту. Гратэск і шарж як прыёмы фарса-вадэвіля. Значэнне творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча для беларускай літаратуры.

Рэалізм як літаратурны напрамак.
Захаванне тэндэнцый рамантызму
Узмацненне ў літаратуры Беларусі другой паловы XIX стагоддзя рэалістычных тэндэнцый. Публіцыстыка і яе роля ў тагачасным грамадскім жыцці (Кастусь Каліноўскі. Газета «Мужыцкая праўда»). Спроба стварэння беларускага народнага характару сродкамі эпічнай паэзіі (паэма Янкі Лучыны «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся»).
Францішак Багушэвіч. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Ідэйны змест прадмоў да зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі». Месца паэта і паэзіі ў жыцці народа («Мая дудка»). Увасабленне ў паэзіі Ф. Багушэвіча грамадскіх ідэалаў («Ахвяра»). Алегарычны змест верша «Хмаркі».
Паэма «Кепска будзе!». Выкрыццё сацыяльнай несправядлівасці ў творы. Паказ жыццястойкасці беларускага народа. Роля айчыма ў лёсе Аліндаркі. Матыў трагічнасці і безвыходнасці. Гуманістычны ідэал аўтара ў паэме.

Беларуская літаратура пачатку ХХ ст.
Беларуская літаратура пачатку ХХ ст., яе патрыятычны пафас і вернасць гуманістычным ідэалам. Роля газет «Наша доля», «Наша ніва» ў гісторыі айчыннай культуры і мастацтва слова. Станаўленне беларускага прафесіянальнага тэатра. Агляд творчасці Цёткі, Ядвігіна Ш. і інш.
Янка Купала. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Грамадзянскасць і публіцыстычнасць у вершах Янкі Купалы, вобразна-інтанацыйнае багацце яго лірыкі («Роднае слова» і інш.). Асэнсаванне гістарычнага лёсу беларускага народа («Мая малітва» і інш.). Ідэя вечнасці жыцця, кахання, гармонія чалавека і прыроды ў вершы «Явар і каліна».
Паэма «Бандароўна». Фальклорная першакрыніца паэмы. Сутнасць канфлікту. Вобразы-антыподы. Драматызм дзеяння. Маральнае хараство Бандароўны. Рамантычная аснова твора.
П’есы «Паўлінка» або «Раскіданае гняздо» (на выбар абітурыента).
Высмейванне шляхецкай пыхлівасці і духоўнай абмежаванасці ў камедыі «Паўлінка». Канфлікт новага і старога пакаленняў засцянковай шляхты. Вобраз Паўлінкі. Майстэрства аўтара ў абмалёўцы персанажаў, індывідуалізацыя іх мовы. Сцэнічнае ўвасабленне камедыі.

Сацыяльна-філасофскі, гуманістычны пафас і змест п’есы «Раскіданае гняздо». Жанр, кампазіцыя, развіццё драматычнага канфлікту. Галоўныя героі драмы, матывы паводзін. Пошукі маладым пакаленнем рэальных шляхоў вызвалення Бацькаўшчыны. Праўда Сымона і праўда Зоські. Старац як выразнік народнай маралі. Вобраз Незнаёмага ў сістэме дзейных асоб п’есы. Рэалізм драмы, рамантычная сімволіка і лірызм. Сімвалічнасць назвы твора.

Якуб Колас. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Элегічнае і аптымістычнае ў паэзіі Якуба Коласа («Не бядуй!» і інш.). Паэтызацыя роднай прыроды («Родныя вобразы», «Першы гром»). Рытміка-інтанацыйны лад вершаў Якуба Коласа.

«Новая зямля» – мастацкая энцыклапедыя народнага жыцця. Аўтабіяграфічнасць паэмы, яе творчая гісторыя. Жанравыя асаблівасці твора. Народны побыт і прырода ў паэме. Вобразы ў паэме: мудрасць і душэўная прыгажосць Антося, Ганны; вобразы дзяцей. Трагедыя лёсу Міхала. Філасофская ідэя зямлі і волі. Сімвалічны сэнс назвы твора. Паэтычнае майстэрства Якуба Коласа.

Трылогія «На ростанях» (частка першая – «У палескай глушы»). Гісторыя напісання і праблематыка, асаблівасці сюжэта і кампазіцыі твора, яго аўтабіяграфізм. Асоба Андрэя Лабановіча. Народ і інтэлігенцыя ў творы. Жаночыя вобразы. Майстэрства Коласа-празаіка. Месца і значэнне творчасці Якуба Коласа ў беларускай літаратуры.

Максім Багдановіч. Жыццёвы і творчы шлях паэта. Погляды Максіма Багдановіча на прызначэнне паэта ў грамадстве («Песняру»). Вобраз Радзімы ў лірыцы паэта («Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…») і інш.). Зварот да культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі («Летапісец» і інш.). Скіраванасць да агульначалавечай праблематыкі («Мяжы», «Жывеш не вечна, чалавек…», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…» і інш.). Багацце духоўнага свету лірычнага героя («Маладыя гады» і інш.). Сувязь творчасці Максіма Багдановіча з класічнай спадчынай і сусветнай паэзіяй.

Алесь Гарун. Зборнік вершаў «Матчын дар». Вызваленча-патрыятычныя, агульначалавечыя матывы («Ты, мой брат, каго зваць Беларусам…»). Абвостранае пачуццё любові да Радзімы. Тэма сэнсу жыцця, прызначэння чалавека («Ідуць гады»). Філасафічнасць і публіцыстычнасць вершаў.

Беларуская літаратура першай трэці ХХ ст.

Актывізацыя літаратурна-грамадскага руху і ўздым культурнага будаўніцтва ў 1920-я гады, пераемнасць у развіцці літаратуры з «нашаніўскім» перыядам.

Літаратурныя аб’яднанні «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», іх роля ў гісторыі айчыннага пісьменства. Творчыя здабыткі і пошукі 1920-х гадоў і іх спад у 1930-я гады пад уплывам ідэалагізацыі літаратурнага жыцця. Становішча, у якім апынуліся беларускія пісьменнікі ў 1930-я гады.

Літаратура Заходняй Беларусі, яе сувязь з агульнанацыянальнай літаратурай.

Максім Гарэцкі. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Апавяданне «Літоўскі хутарок». Суровая праўда пра Першую сусветную вайну, выкрыццё яе антынароднай, антычалавечай сутнасці. Аўтабіяграфічнасць апавядання. Рэалістычная праўдзівасць адлюстравання трагедыйнасці народнага жыцця. Гуманістычная канцэпцыя пісьменніка. Вобраз Яна Шымкунаса – бескарыслівага, высакароднага, гуманнага чалавека.

Змітрок Бядуля. Апавяданне «Бондар». Вырашэнне тэмы мастака і мастацтва ў кантэксце сацыяльных праблем. Вобраз майстра-працаўніка. Асуджэнне эстэтычнай неразвітасці, чэрствасці і абыякавасці. Мастацкія адметнасці твора.

Уладзімір Дубоўка. Вершы «Залатая асенняя раніца», «О Беларусь, мая шыпшына…», «Пальцы жоўтых кляновых лістоў», «Родная мова, цудоўная мова…». Асноўныя матывы лірыкі. Услаўленне сілы народа, духоўнасці, вальналюбства чалавека, паэтызацыя красы прыроды, кахання. Высокая культура верша, багацце жанравых форм. Сувязь лірыкі Уладзіміра Дубоўкі з традыцыямі фальклору, паэзіяй Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.

Кандрат Крапіва. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Байкі «Ганарысты Парсюк», «Дыпламаваны Баран», «Махальнік Іваноў». Высмейванне самаўпэўненасці, нахабства, падхалімства і іншых чалавечых заган.

П’еса «Хто смяецца апошнім». Час напісання твора. Актуальнасць праблем, узнятых у камедыі. Канфлікт у п’есе. Маштабнасць сатырычных вобразаў Гарлахвацкага і Зёлкіна. Эвалюцыя характару Тулягі. Вобразы – носьбіты аўтарскай пазіцыі: Чарнавус, Левановіч, Вера. Сродкі і прыёмы сатырычнай тыпізацыі і індывідуалізацыі. Мова персанажаў як сродак раскрыцця іх характараў. Сцэнічнае жыццё камедыі. Значэнне творчасці Кандрата Крапівы ў развіцці беларускай драматургіі.

Міхась Зарэцкі. Грамадскае і асабістае ў апавяданні «Ворагі». Лёсы Паўла Гуторскага і Ніны Купрыянавай. Тэма кахання. Міхась Зарэцкі – майстар вострага сюжэта, мастацкай дэталі, глыбокі псіхолаг.

Кузьма Чорны. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Канкрэтна-гістарычны змест апавядання «Макаркавых Волька». Супрацьпастаўленне гуманістычнай жыццёвай пазіцыі Волькі і агіднай паклёпніцкай дзейнасці Сафрона Дзядзюлі. Агульначалавечае значэнне праблем, узнятых у творы.

Беларуская літаратура сярэдзіны ХХ стагоддзя
(1940-я – сярэдзіна 1960-х гадоў)

Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945). Антываенны пафас і вызваленчыя матывы беларускай паэзіі і публіцыстыкі. Тэма Радзімы, яе будучыні. Паказ суровай праўды вайны, услаўленне мужнасці і гераізму народа-змагара, асуджэнне здрады Радзіме. Выкрыццё ідэалогіі фашызму. Адлюстраванне трагедыі чалавека на вайне. Перавага лірыкі, публіцыстыкі, сатыры.

Пятрусь Броўка. Вершы «Надзя-Надзейка», «Родныя словы», «Александрына», «А ты ідзі». Патрыятычны, вызваленчы пафас твораў паэта перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Пашырэнне ідэйна-тэматычнага і жанравага дыяпазону паэзіі Петруся Броўкі ў 1960–1970-я гг. Народна-песенная аснова вершаў Петруся Броўкі, іх мілагучнасць.

Беларуская літаратура пасляваенных дзесяцігоддзяў (1945–1965). Умовы развіцця беларускай літаратуры ў пасляваеннае дзесяцігоддзе. Ваенная тэма як цэнтральная ў літаратуры. Змены ў грамадскай атмасферы сярэдзіны 1950-х гадоў і іх дабратворны ўплыў на развіццё беларускай літаратуры. Актыўнае і шматграннае развіццё мастацтва слова. Узвышэнне ў літаратуры народных ідэалаў праўды, сумленнасці і справядлівасці, гуманізму. Узмацненне крытычнага пачатку ў літаратурнай творчасці.

Аркадзь Куляшоў. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Вершы «Мая Бесядзь», «Над брацкай магілай», «Спакойнага шчасця не зычу нікому…», «Я хаце абавязаны прапіскаю…», «На паўмільярдным кіламетры…». Глыбіня лірычнага пачуцця паэта ў лепшых творах даваеннага часу. Адметнасць вобразнасці і кампазіцыі верша «Мая Бесядзь». Ваенная лірыка Аркадзя Куляшова. Суровая праўда і гуманізм у паказе народнага подзвігу. Трагічнае і лірычнае, фальклорныя матывы ў баладзе «Над брацкай магілай». Пашырэнне тэматыкі ў пасляваеннай лірыцы. Зварот да тэм жыцця і смерці, кахання і вернасці, лёсу і абавязку. Услаўленне чалавека, яго духоўных каштоўнасцей. Развіццё і ўзбагачэнне паэтам класічных традыцый лірыкі. Паэтычнае майстэрства Аркадзя Куляшова.

Максім Танк. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць паэта. Вершы «Спатканне», «Родная мова», «Каб ведалі», «Мой хлеб надзённы», «Завушніцы», «Працягласць дня і ночы». Тэмы і вобразы, наватарскі характар танкаўскай паэзіі. Сцвярджэнне нязломнай духоўнай сілы народа. Матыў адзінства пакаленняў. Адметнасць лірыкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Пашырэнне тэматыкі ў пасляваеннай паэзіі. Філасофскі роздум пра чалавека, яго жыццёвае прызначэнне. Увага да духоўнага свету чалавека, агульначалавечых каштоўнасцей. Свабодны верш у паэзіі Максіма Танка.

Праблема мастака і мастацтва ў паэме «Люцыян Таполя». Увасабленне свабодалюбства, таленавітасці народа ў вобразе Люцыяна Таполі. Спалучэнне эпічнага і лірычнага пачаткаў у творы. Выкарыстанне сродкаў паэтызацыі і гратэску ў паэме.

Янка Брыль. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Паказ вайны ў апавяданні «Меmеntо mоrі». Маральны подзвіг старога селяніна ў творы. Уменне аўтара ўбачыць гераічнае за рамкамі бытавых сцэн. Асуджэнне фашызму ў апавяданні. Глыбокае разуменне народнага гераізму. Урачыстая танальнасць аўтарскага пісьма.

Пімен Панчанка. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць паэта. Вершы «Краіна мая», «Герой», «Родная мова», «Толькі лісцем рабін шалахні…», «Крык сойкі», «Той дзень прапаў і страчаны навекі…», «Спарышы». Патрыятычны пафас ваеннай паэзіі Пімена Панчанкі. Гераічнае і трагічнае ў вершах пра Радзіму і яе абаронцаў. Роздум пра сэнс жыцця, гуманныя адносіны паміж людзьмі ў пасляваенных творах. Вернасць праўдзе жыцця. Спавядальны характар, адкрытасць, шчырасць лірычнага пачуцця. Бескампраміснасць паэтычнага слова. Публіцыстычная завостранасць верша, разнастайнасць рытміка-інтанацыйнага малюнка, багацце сродкаў мастацкага выяўлення.

Іван Мележ. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Тэматыка і праблематыка рамана «Людзі на балоце». Шматгранныя нацыянальныя характары ў рамане. Майстэрства раскрыцця ўнутранага свету галоўных герояў Васіля Дзятла і Ганны Чарнушкі. Настойлівае імкненне Васіля да самасцвярджэння і незалежнасці, яго сціпласць, цярплівасць, працавітасць, разгубленасць у складаных жыццёвых абставінах. Драматычны лёс Ганны. Нетрадыцыйны падыход аўтара да раскрыцця псіхалогіі заможных сялян. Розныя адносіны да людзей, працы, будучыні ў старога Глушака і яго сыноў. Драматызм становішча Глушака ў час калектывізацыі. Вастрыня драматычнай калізіі. Чалавек і прырода ў творы. Псіхалагічнае майстэрства Мележа-празаіка. Нацыянальная самабытнасць творчасці Iвана Мележа і яе агульначалавечая значнасць.

Уладзімір Караткевіч. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Канкрэтна-гістарычная аснова аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». Зварот пісьменніка да легенды пра караля Стаха Горскага (пачатак ХVІІ ст.), рамантычнае яе асэнсаванне. Асуджэнне сацыяльнага прыгнёту і ўціску. Роздум пра прызначэнне чалавека на зямлі, лёс беларускага народа, узаемасувязь розных гістарычных эпох. Вобразы Андрэя Беларэцкага, Андрэя Свеціловіча і Надзеі Яноўскай. Асаблівасці кампазіцыі твора.

Гістарычная аснова рамана «Каласы пад сярпом тваім». Духоўны воблік галоўнага героя рамана Алеся Загорскага. Прадстаўнікі дваранства ў рамане (Даніла Вежа-Загорскі, Хаданскія, Кроер). Хараство кахання Алеся Загорскага і Майкі Раўбіч. Своеасаблівасць мастацкага стылю рамана. Дынамічнасць сюжэта. Месца і роля лірычных адступленняў і пейзажных малюнкаў. Вобразная сімволіка. Сувязь рамана з паэтыкай народных балад і легенд.

Андрэй Макаёнак. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць драматурга. Жанравая адметнасць п’есы «Зацюканы апостал». Умоўнасць часу і месца дзеяння. Характарыстыка персанажаў, іх сімвалічнасць і падкрэсленая абагульненасць. Маральна-этычны змест камедыі, сцвярджэнне аўтарам духоўных агульначалавечых каштоўнасцей. Майстэрства Андрэя Макаёнка ў абмалёўцы характараў.

Беларуская літаратура перыяду 1960-х – пачатку 1990-х гадоў

Беларуская літаратура – мастацкае адлюстраванне жыцця і духоўнага развіцця народа. Жанравыя і тэматычныя пошукі ў літаратуры, паглыбленне яе чалавеказнаўчага і гуманістычнага зместу. Узмацненне аналітызму ў даследаванні мінулага і сучаснасці. Асноўныя асаблівасці прозы, паэзіі і драматургіі гэтага перыяду.

Іван Шамякін. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Праблематыка рамана «Сэрца на далоні». Вастрыня канфлікту. Рэтраспектыўны зварот да падзей вайны. Роля кар’ерыста Гукана, які хавае праўду пра актыўную падпольную дзейнасць доктара Савіча. Прынцыповасць і рашучасць Кірылы Шыковіча ў выкрыцці Гукана. Партызанскае мінулае Яраша. Вобраз Зосі Савіч, яе жыццёвы лёс. Маладое пакаленне ў рамане. Няўстойлівасць жыццёвай пазіцыі Славіка Шыковіча. Складаны шлях духоўнага станаўлення Тараса. Праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, неабходнасць выхавання маладога пакалення. Сімволіка назвы твора.

Васіль Быкаў. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Праблематыка аповесці «Сотнікаў». Вобразы Сотнікава і Рыбака ў творы, глыбокі псіхалагізм у іх распрацоўцы. Праблема выбару на вайне: героі ці ахвяры лёсу. Мастацкая дасканаласць твора.

Актуальнасць маральна-філасофскай праблематыкі аповесці «Знак бяды». Маштабнасць характараў галоўных герояў – Петрака і Сцепаніды. Глыбокі псіхалагізм аповесці. Зварот аўтара да эпізодаў даваеннага жыцця з мэтай больш глыбокага раскрыцця характараў. Выкрыццё жорсткасці, бесчалавечнасці фашызму. Паказ прыслужнікаў акупацыйнага рэжыму. Мастацкая сімволіка твора. Значэнне творчасці Васіля Быкава для развіцця беларускай літаратуры.

Міхась Стральцоў. Эцюды-ўспаміны пра маладосць, каханне, жыццёвыя праблемы і клопаты ў апавяданні «Сена на асфальце». Вобраз аўтара-апавядальніка, яго «самая патаемная і самая душэўная думка» – прымірыць горад і вёску. Адметнасць кампазіцыі твора.

Ніл Гілевіч. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Вершы «Край мой беларускі, край…», «Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..», «Страціў слова, страціў спадчыннае слова…», «Паклон табе, мой беларускі краю!..» Шырокі тэматычны змест паэзіі. Любоў да Бацькаўшчыны, клопат пра яе лёс, шанаванне роднай мовы, захаванне культурнай спадчыны, паэтызацыя прыроды. Глыбокі лірызм, песеннасць вершаў, фальклорныя матывы ў творчасці паэта.

Іван Чыгрынаў. Памяць мінулай вайны і лёс старога лесніка Дземідзёнка ў апавяданні «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». Зварот да традыцыйных каштоўнасцей, гармонія чалавека з прыродай, людзьмі, самім сабой. Вобраз аўтара-апавядальніка.

Іван Навуменка. Паказ лёсу моладзі ў гады вайны з фашызмам у апавяданні «Сямнаццатай вясной». Раскрыццё ў творы характараў Цімоха, Стасі і іншых герояў. Сімвалічнасць вобраза бэзу.

Рыгор Барадулін. Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць паэта. Вершы «Неруш», «Яна адна, зямля вякоў…», «Заспаная раніца мжыстая…», «Чалавек не ўзнікае так…». Свет Радзімы-Беларусі ў паэзіі Р. Барадуліна, выяўленне пачуцця любові да зямлі бацькоў. Услаўленне роднага слова як духоўнай святыні. Роздум пра сэнс чалавечага жыцця. Шчырасць, даверлівасць пачуццяў, тонкі псіхалагізм і экспрэсіўнасць у вершах. Асаблівасці паэтычнага майстэрства Р. Барадуліна.

Яўгенія Янішчыц. Вершы «Ты пакліч мяне. Пазаві…», «Чаму ніколі не баюся я…», «Не воблака, а проста аблачынка…», «Любоў мая…». Тэматычная палітра паэзіі Яўгеніі Янішчыц: малая радзіма, казачная палеская прырода, вясковы і гарадскі побыт, лірыка кахання. Разнастайнасць пафасу ў творах: ад мажорнага, радаснага да сумнага, трывожнага.

Георгій Марчук. Навелы «Канон Гарыні», «Канон Маці». Жанрава-стылёвая спецыфіка твораў, іх спавядальнасць. Захапляльнае падарожжа па радзіме пісьменніка, асэнсаванне жыцця палешукоў, іх традыцый. Мудрасць разумення чалавечага шчасця і іншых духоўных каштоўнасцей.

Аляксей Дудараў. Наватарскі падыход драматурга да ўвасаблення далёкага мінулага ў п’есе «Князь Вітаўт». Жанравая адметнасць твора, асаблівасці яго кампазіцыі. Вітаўт і Ягайла як вобразы-тыпы. Маральна-этычнае завастрэнне канфлікту. Праблема асабістага шчасця ў п’есе. Сцвярджэнне ў творы галоўных каштоўнасцей: любові, еднасці, згоды і міру.

Алесь Разанаў. Вершы «Радзіма…», «У крузе», «Спадчына», «Кожны народ мае…», «Горад». Кароткія звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка. Філасофска-інтэлектуальны кірунак творчасці: суадносіны агульначалавечага (быційнага) і нацыянальна-гістарычнага (асабістага). Тэма Бацькаўшчыны ў лірыцы паэта. Адметнасць творчай індывідуальнасці. Жанрава-стылёвыя асаблівасці лірыкі. Асацыятыўная вобразнасць. Роля Алеся Разанава ў развіцці традыцый беларускай філасофскай паэзіі.

Беларуская літаратура на сучасным этапе

Літаратурны працэс у Беларусі на сучасным этапе. Змяненне ролі літаратуры ў жыцці грамадства. Новая літаратурная сітуацыя. Утварэнне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Літаратурныя часопісы («Полымя», «Маладосць» і інш.).

Паэзія. Паглыбленне агульначалавечага, маральна-філасофскага, гуманістычнага зместу лірыкі, яе грамадзянска-публіцыстычнага і індывідуальна-асобаснага пачаткаў. Разнастайнасць творчых індывідуальнасцей у сучаснай паэзіі, пошукі і наватарства: Алесь Бадак, Міхась Башлакоў, Навум Гальпяровіч, Мар’ян Дукса, Мікола Мятліцкі, Міхась Пазнякоў, Зоя Падліпская, Генадзь Пашкоў, Алесь Разанаў, Юрась Свірка і інш. (2–3 аўтары на выбар абітурыента).

Проза. Тэматыка і сацыяльна-філасофская праблематыка сучаснай прозы. Асэнсаванне пісьменнікамі стасункаў асобы і грамадства, повязі часоў і пакаленняў: Алесь Савіцкі. «Пісьмо ў рай»; Уладзімір Сцяпан. Навела «Адна капейка»; Іван Чыгрынаў. «Вяртанне да віны»; Святлана Алексіевіч. «У вайны не жаночае аблічча»; Iван Навуменка. «Вір»; Янка Сіпакоў. «Кулак» і інш. (2–3 аўтары на выбар абітурыента).

Драматургія. Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай драматургіі на сучасным этапе. Традыцыйнае і наватарскае ў сучасных п’есах. Узмацненне цікавасці да гістарычнага мінулага: Алесь Петрашкевіч «Меч Рагвалода» і інш. Новыя мастацка-эстэтычныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай драматургіі: Сяргей Кавалёў і інш. (1–2 аўтары на выбар абітурыента).

 

Источник: edu.gov.by

 

29.01.2023
РУБРИКА ДЛЯ АБИТУРИЕНТОВ

Подпишись на рассылку и получи чек-лист по подготовке к ЦТ:
Оставь свой e-mail и каждую пятницу получай самые важные, нужные и обсуждаемые материалы из блога о ЦТ и подготовке. Подписывайся, чтобы ничего не пропустить!
Подпишись на рассылку и получи чек-лист по подготовке к ЦТ:
Оставь свой e-mail и каждую пятницу получай самые важные, нужные и обсуждаемые материалы из блога о ЦТ и подготовке. Подписывайся, чтобы ничего не пропустить!
*Отправляя персональные данные, вы принимаете политику конфиденциальности.